ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.

Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл. Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл. Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл. Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл. Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)